МАСКО́ЎСКА-БРЭ́СЦКАЯ ЧЫГУ́НКА,
назва ў 1871—1912 чыг. лініі, якая звязвала Беларусь з цэнтрам Расіі і Зах. Еўропай. Пабудавана на падставе канцэсіі, зацверджанай царом 15.12.1869. У 1896 выкуплена ў акц. т-ва казной. Працягласць 1027 вёрст. Уводзілася ў эксплуатацыю асобнымі ўчасткамі: Масква—Смаленск (391 вярста, вер. 1870); Смаленск—Мінск—Брэст (636 вёрст, ліст. 1871). У пастаянную эксплуатацыю здадзена 29.11.1871. На Беларусі перакрыжоўвалася з чыгункамі: Пецярбургска-Адэскай (у Оршы), Лібава-Роменскай (у Мінску), Віленска-Ковенскай (у Баранавічах), Кіева-Брэсцкай (у Брэсце). У 1879 на ўчастку Смаленск—Брэст адкрыты 2-і пуць. У 1910 на магістралі былі 523 паравозы, 629 пасажырскіх і 6499 грузавых вагонаў, перавезена каля 5 млн. пасажыраў і 340 млн. пудоў грузаў; працавала 18 тыс. рабочых. Найбуйнейшыя чыг. вузлы Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст, гал. майстэрні ў Маскве і Мінску. Ў 1912 у гонар цара Аляксандра I перайменавана ў Аляксандраўскую. У 1921 зах. частка М.-Б. ч. адышла да Польшчы, сав. частка ў жн. 1922 уключана ў Маскоўска-Беларуска-Балтыйскую чыг.
Б.І.Жывіца, У.Г.Філякоў.
т. 10, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)